ЛІНЕ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,
паскаральнік зараджаных часціц (электронаў, пазітронаў, пратонаў, іонаў), у якім траекторыі часціц блізкія да прамых ліній. Адрозніваюць Л.п. высакавольтныя (электрастатычныя), індукцыйныя, рэзанансныя і калектыўныя. Найб. пашыраны Л.п. электронаў з энергіяй 45 ГэВ. Л.п. электронаў і пазітронаў дазваляюць эфектыўна пераўтвараць пачатковую энергію пры сутыкненні 2 пучкоў у т. зв. калайдэры. Выкарыстоўваюцца для фіз. даследаванняў, у дэфектаскапіі, матэрыялазнаўстве, медыцыне, для іоннай імплантацыі, пры радыяцыйна-хім. апрацоўцы матэрыялаў, стэрылізацыі прадуктаў і інш.
У высакавольтных Л.п. часціцы паскараюцца пастаянным эл. полем паміж электродамі, крыніцай напружання служаць высакавольтныя выпрамнікі, Ван-дэ-Граафа генератары і інш.; у індукцыйных — эрс электрамагнітнай індукцыі, якая ствараецца кольцападобным імпульсным магн. полем; у рэзанансных — пераменным эл. ВЧ-полем; у калектыўных — уласнымі эл.-магн. палямі часціц, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні адной групы зарадаў з другой або з эл.-магн. хваляй, з плазмай. Л.п. ў параўнанні з цыклічнымі адрозніваюцца магчымасцю атрымання пучкоў паскораных часціц павышанай інтэнсіўнасці і шчыльнасці, прастатой вываду пучка, адсутнасцю тармазнога выпрамянення часціц. Апошняе асабліва важна для паскарэння электронаў і пазітронаў да вельмі высокіх энергій. Таму паскаральнікі гэтых часціц для фіз. даследаванняў праектуюцца толькі лінейныя. У цыклічных паскаральніках цяжкіх часціц (пратонаў, іонаў) Л.п. выкарыстоўваюцца як інжэктары-перадпаскаральнікі.
І.С.Сацункевіч.
т. 9, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)